Віктар Сямашка
Жаночае цела –
сяброўскі шарж на мужчынскае,
які пераўзыходзіць арыгінал,
разьвівае ідэю, так бы мовіць,
мейсцамі даводзячы да абсурду
асабліва прыгожая тая,
што не здагадваецца
пра сваю прыгажосьць, –
лепшыя ў конкурсах ня ўдзельнічаюць
У паўночна-заходнім краі
дзьме паўночна-заходні вецер
і паволі сыходзяць людзі
ў паўночна-заходнюю бездань
п’ю чырвонае зь белага кубка
п’ю белае з чырвані смочак
плыву па-над белым пяском
краснапёркай у Сьвіцязі
такое вока не схаваць павекам
базылёк расьце й гарыць зоркай
валасы колеру пяску ў тон скуры
і дзіцятка такі ж – плоць ад плоці
я магу хіба дадаць
каржакаватую смалістую сасну
твайму берагу
Усякая кропка — кола
усякая лінія — адрэзак кола
усякае кола — адрэзак трубы
усякая труба замыкаецца ў кола
сьцяжына звужаецца адпавена з адлегласьцю
лінія тлусьцее ў трохкутнік
тры бакі імкнуцца да трохмернасьці
піраміда фармуецца, каб прабіць кулю
сфэры зямлі й неба
круцяцца адносна адна адной:
неба віхурыць, зямля кружляе,
як шасьцярэнькі ў гадзіньніку
у прасторы часу
памер памёр
сьвятло ўзьбіваецца ў згорткі
зьзяюць бажніцы аблокаў
бліснула плячо
сам не заўважыў
як з галавы высунуў
сьцябліну кветкі
зь Вільняй сам-на-сам
уздоўж Вяльлі
вілюжнае ды пявучае,
што косамі матляе густа
вулкі Вільні віруюць,
як промні Маці
нідзе ня пуста, ня проста
напрамак у бок
Вільня вядзе па сабе
падштурхоўвае ў сьпіну мезенцам
заганяе ў сутарэньні
ды ўздымае дагары
Гедымін дыміцца маторамі
да машынаў туляцца ровэры
брук стала сталамі застаўлены –
рэстарацыйныя барыкады
юнакі-артысты ў арках
сівы турыста выбівае корку
з глыткі завулку на пляц
з пляца на мост
з моста на дах
у пошуках восі
трохкутны дом
на старым раздарожжы
быццам кавалак торту
застылы воплеск
стужкі сьвятла разгортваюцца з фараў
абрусамі палошчуцца ля кавярняў
вулкі зь Вяльлёй гакападобна
нясуць і збочваюць уцякаюць
засмоктваюць і выціскаюць
закручваюць у спружыну
ты – вяпрук на ражне
ты на ганчарным коле
на цябе нацягнулі плытку
Вільня вакол тваёй восі
вада Вяльлі пакручаста віецца
струменяцца белым бажніцы...
ад’яжджаю тварам насуперак руху
быццам у адваротнай перамотцы